ПРЫМЕКСІКА́НСКАЯ НІЗІ́НА.
На ПдУ Паўн. Амерыкі, у ЗША і Мексіцы. Акаймоўвае ўзбярэжжа Мексіканскага зал., на ПнУ зліваецца з Прыатлантычнай нізінай. Шыр. 350 км. П.н. ўяўляе сабой рухомую вобласць прагіну Мексіканскага зал. Складзена з тоўшчы марскіх асадкавых парод магутнасцю да 6—10 тыс. м. Характэрны саляныя купалы, якія змяшчаюць радовішчы солі і нафты. Паверхня паступова павышаецца на Пн да 150 м, перарэзана далінамі рэк. Плоская алювіяльная нізіна на ўзбярэжжы акружана лагунамі, пясчанымі косамі, прыбярэжнымі астравамі. Для ўнутр. раёнаў характэрны куэставы рэльеф. Клімат субтрапічны, на ПдЗ трапічны. Сярэдняя т-ра студз. на Пн 4 °C — 8 °C, на ўзбярэжжы 12 °C — 18 °C, ліп. 26 °C — 28 °C. Ападкаў на З 600—800 мм, на У 1200—1500 мм за год. У жн. — вер. частыя трапічныя цыклоны, здараюцца тарнада. Больш за 1/3 тэр. ўкрыта лясамі. Характэрны хваёвыя лясы, якія ў раёне куэст змяняюцца мяшанымі (хвоя, шыракалістыя лістападныя і вечназялёныя віды). На З — саванны, па рачных далінах — лясы з цісу, горнага кіпарысу, тапалёў таполяў; на ўзбярэжжы — маршы. Субтрапічнае пладаводства. Вырошчваюцца бавоўнік, цукр. трыснёг; плантацыі тытуню. Здабыча нафты і газу. Найб. гарады: Новы Арлеан, Х’юстан (ЗША), Тампіка, Веракрус (Мексіка).
М.В.Лаўрыновіч.
т. 13, с. 72
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)